Вы просматриваете: Главная > Тусовки за границей > Сёмы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!: ген крэатыўнасці абуджаны!

Сёмы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!: ген крэатыўнасці абуджаны!

Сёмы раз запар у Мінску прайшоў Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!, які прэтэндуе на статус адной з самых яскравых падзей лета.

Канцэпцыя сёлетняга фестывалю: «аDNаK! – ген беларускага крэатыву». Гэткім чынам арганізатар – грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» – заклікае ствараць рэкламу і будаваць камунікацыю на грунце тысячагадовых каштоўнасцяў, якія ўжо закладзеныя ў нашых генах.

aDNaK! – незвычайны фестываль. Ён мае высокі сацыяльны складнік, які заключаецца не толькі ў бясплатным характары ўсіх мерапрыемстваў, але яшчэ і ў высокай увазе да сацыяльных і грамадсказначных праектаў. Фестываль заахвочвае да стварэння беларускамоўнай і беларусаарыентаванай рэкламы, а гэта, адпаведна, патрабуе ад рэкламістаў і спецыялістаў сферы камунікацыі ведання беларускай культуры і гісторыі.

Заўважна, што ген беларускага крэатыву абуджаецца: на вуліцах гарадоў, у крамах, у інтэрнэце большае беларускай мовы, расце папулярнасць беларускага арнаменту. Пры гэтым вельмі актыўна выкарыстоўваюцца новыя сродкі камунікацыі.

У гэтым годзе Фестываль прайшоў своеасаблівую праверку на запатрабаванасць. Сёлета грамадства стала фактычна суарганізатарам мерапрыемства: сродкі на яго правядзенне збіраліся праз краўдфандынгавую пляцоўку Ulej.by. І там праект стаў паспяховым. І гэта прадэманстравала актуальнасць фестывалю, а значыць, і тых пытанняў, што ён уздымае.

Ад моманту абвяшчэння старту Фестывалю цягам двух месяцаў беларускія рэкламісты, а таксама аўтары культурніцкіх і камунікацыйных праектаў мелі мажлівасць падаць сваю працу на разгляд прафесійнага журы, якое ў гэтым годзе абнавілася амаль напалову і складалася не толькі з прадстаўнікоў найбуйнейшых рэкламных агенцтваў Беларусі, але і вядомых асобаў з бізнесу і культуры, сродкаў масавай інфармацыі, экспертаў з іншых сфераў.

На жаль, адбілася на колькасці ўдзельнікаў фестывалю агульная тэндэнцыя на змяншэнне колькасці рэкламы (як беларускамоўнай, так і рускамоўнай). Так, цягам 2015 года рэкламны рынак агулам скараціўся больш чым на 30%, што наўпрост звязана з эканамічнай сітуацыяй у краіне. І найбольш рэкламны спад праявіўся ўжо ў гэтым годзе.

Так, сёлета на Фестываль было пададзена 285 заявак ад 135 удзельнікаў. Падаваліся толькі новыя работы. Як і заўсёды, прыкладна траціна з іх была пададзеная за апошнія два дні. Апошні вагон – гэта пра нас!

Прафесійнае журы працавала з імпэтам, адбор працаў адбываўся ў дыскусіях і жарсцях. Ніводны праект не застаўся без належнай увагі. Найбольш папулярнымі сярод удзельнікаў конкурсу былі намінацыі “Грамадсказначныя праекты” і “Беларускаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект”, у кожную з якіх было пададзена па 30 работ, сярод якіх – нямала праектаў дастаткова высокага ўзроўню. Сябрам журы карцела ўзнагародзіць больш годных праектаў, але рэгламент не адменіш: толькі тры трэція месцы, два другія і адно першае.

Высокую ацэнку журы атрымалі праекты, якія разам з крэатыўным і якасным увасабленнем мелі добрыя вынікі. Напрыклад, дасягнулі мэты па продажы пэўнай колькасці вырабаў ці кантактаў з аўдыторыяй. Традыцыйна самі ўдзельнікі конкурсу недапрацавалі з камунікацыяй. Шмат цікавых якасна рэалізаваных ідэяў усё ж не дасягнулі сваёй аўдыторыі, засталіся па-за яе ўвагай.

Фінальны дзень Фестывалю праходзіў у новым для яго месцы – першым у Беларусі крэатыўным хабе “Корпус 8”. Ад самай раніцы ў фармаце нон-стоп тут праходзіла адметная адукацыйная праграма з удзелам вядомых беларускіх і замежных спецыялістаў. Хэдлайнерам праграмы стаў Давар Руне (Davor Runje), сузаснавальнік харвацкага digital-агенцтва DRAP, якое за час свайго існавання з 2008 года атрымала найбольшую колькасць фестывальных узнагародаў у сваёй краіне.

Пасля адукацыйнай праграмы распачалася найбольш чаканая частка – цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Сёмага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!, якую праводзілі нязменныя вядучыя Ганна Хітрык і Павал Харланчук-Южакоў. Удзельнікаў чакалі таксама музычныя падарункі ад гуртоў :B:N: і Akute і вядомага DJ Laurel, а таксама цікавосткі ад партнёраў Фестывалю.

Крыху пра Фестываль

За сем гадоў Фестываль aDNaK! стаў трывалай камунікацыйнай пляцоўкай, якая збірае прафесіяналаў і навічкоў рэкламнага рынку Беларусі. aDNaK! развіваецца ў адпаведнасці з сусветным трэндам – Glocal (спалучэнне глабальнага і лакальнага), матывуе бізнес і рэкламістаў працаваць у сусветным рэчышчы, адначасова шукаючы у лакальным цікавыя ідэі і рашэнні, якія становяцца запатрабаванымі і эфектыўнымі на глабальным узроўні.

аDNаK-7 – гэта:

– выяўленне і актывізацыя беларускага крэатыўнага коду, вылучэнне адметных рысаў беларускамоўнай рэкламы;

– фіксацыя працэсаў эвалюцыі беларускага рэкламнага рынку;

– папулярызацыя, своеасаблівая “прышчэпка беларускасці” для рэкламістаў, кліентаў і спажыўцоў.

Holiday.by

Обсуждение закрыто.